Папа Рымскі Францішак прызначыў новага біскупа Віцебскай дыяцэзіі, да якой адносяцца аршанскія вернікі. Новым біскупам стаў Алег Буткевіч, які да гэтага выконваў абавязкі пробашча парафіі Св. Антонія Падуанскага ў Віцебску і дэкана дэканату Віцебск-паўночны.
Алег Буткевіч нарадзіўся 18 сакавіка 1972 года ў Браславе. Перад паступленнем у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне ў 1994 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. Святарскае пасвячэнне прыняў 13 траўня 2000 года. Такім чынам, Буткевіч стаў адным з самых маладых біскупаў свету, яму толькі 41 год. Урачыстая кансэкрацыя біскупа намінанта Алега Буткевіча адбудзецца 18 студзеня 2014 года ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску ў 12:00.
Папярэдні біскуп Віцебскай дыяцэзіі Ўладзіслаў Блін сышоў са сваёй пасады па стане здароўя. Ён займаў пасаду з 20 лістапада 1999 года.
Вернікі рымска-каталіцкага касцёла на Беларусі падзяляюцца на 4 вобласці: Віцебскую, Гродзенскую і Пінскую дыяцэзіі і Менска-Магілёўскую архідыяцэзію.