Па заканчэнні гульні "Слонім" - "Орша" (0:0) галоўныя трэнеры каманд Юрый Канаплёў і Аляксандр Шубянок пракаментавалі матч. Юрый Васільевіч падзякаваў футбалістам за гульню і адзначыў, што ў "Оршы" пакуль яшчэ толькі будуецца новы калектыў:
Цяжкі матч, барацьба, поле мокрае, бруднае, усё дажджлівае. Хачу падзякаваць гульцам за байцоўскі характар, хаця некаторых якасцяў пакуль не хапае. У нас каманда толькі ствараецца, вось, да прыкладу, пры адыходзе ў абарону мы не можам перастроіцца. Цяжка пакуль усё даецца. Маральна-валявыя якасці - гэта добра, а над іншым яшчэ трэба працаваць. Як над пераходам з абароны ў атаку, так і з вяртаннем у абарону.
Галоўны трэнер слонімцаў Аляксандр Шубянок, які знешне чымсьці нагадвае Уладзіміра Караткевіча, падкрэсліў, што цяперашняя "Орша" значна мацнейшая за тую каманду, якая прыязджала ў Слонім летась.
"Орша" цяпер ужо не тая, якая прыязджала летась. Нічыя ў Гомелі, перамога над "Лідай" і цяпер вось 0:0 з намі. Мы асабліва ў першым тайме вельмі добра выглядалі. Былі моманты - не рэалізавалі, у другім крыху разладзілася. Пайшлі ва-банк, сталі гуляць у тры форварды - Саша Асташанкоў, Ігар Халадкоў, Валодзя Шакаў, але рэалізацыя кульгае. Вельмі шмат трэба працаваць. Зніжкі на мокрае поле не робім, бо яно было роўным для ўсіх. Будзьма рыхтавацца да "Дняпра", дзякуй усім заўзятарам за падтрымку!