Футбалісты "Оршы" 7-га траўня прымалі на Гарадскім стадыёне менскую "Зорку-БДУ" ў матчы 4-га туру чэмпіянату Беларусі па футболе сярод каманд 1-й лігі. Перад матчам аршанцы апярэджвалі менчукоў на 1 пункт у турнірнай табліцы. Матч запомніўся зацятай барацьбой, а вось небяспечных момантаў было не так і шмат. У першым тайме аршанцы мелі два бліскучыя моманты, калі нападнікі "сіня-белых" выходзілі фактычна сам-насам з брамнікам "Зоркі", аднак у абодвух выпадках нейкім дзіўным чынам забіць не маглі. Пару небяспечных стрэлаў прыезджай каманды парыраваў брамнік "Оршы" Камінскі, выратаваўшы "сіня-белых" ад праблем. Нічыя 0:0.
У выніку статус-кво паміж клубамі захаваўся. "Оршу" ж пакуль можна называць "каралевай нічыіх", і ў міжсезонні іх было нямала, і цяпер. У чатырох матчах на старце 1-й лігі "Орша" выйграла адзін і ўжо 3 разы згуляла ўнічыю. Без паразаў пакуль ідуць таксама ГЧТ і "Гомель" - двое лідэраў.
Сярод іншых вынікаў варта асобна адзначыць матч у Баранавічах, дзе мясцовы клуб саступаў "Смаргоні" 0:3, але здолеў згуляць унічыю.
Вось усе астатнія вынікі: Хімік - Гомель - 0:1, Ашмяны - Смалявічы - 0:2, Прамень - Ліда - 0:1, Дняпро - Слонім - 2:1, Баранавічы - Смаргонь - 3:3, ГЧТ - Тарпеда - 1:0.