У ліпені каля вёскі Высокае Аршанскага раёна ледзь не здарылася трагедыя. Тады іншамарка, за стырном якой знаходзіўся Уладзімір Самадзелаў, заехала ў кювет і загарэлася. Маёр міліцыі з 20-гадовым стажам працы ў АМАПе Сяргей Манаеў кінуўся ратаваць кіроўцу і зрабіў гэта. Толькі ўмяшальніцтва афіцэра дазволіла пазбегнуць гібелі.
Уладзімір Самадзелаў прыехаў да свайго выратавальніка, каб асабіста падзякаваць таму за сваё жыццё, за мужны ўчынак. Міліцэйская газета "На страже" прыводзіць словы спадара Уладзіміра:
Працую ў Мінску машыністам вежавага крана. У той ліпеньскі дзень рана раніцай выехаў са сталіцы ў Віцебск. Спачатку ўсё было добра. Каля Оршы завярнуў на іншую трасу, а потым - правал у памяці. Мабыць, заснуў за стырном, і машына з'ехала з дарогі... Калі прыйшоў у сябе, каля мяне былі супрацоўнікі ДАІ і лекары.
Агледзеўшыся, убачыў свой аўтамабіль, што заехаў у дрэва. У гэты момант задняя частка машыны загарэлася.
Ірвануўся да яго, мяне спрабавалі ўтрымаць. Дабегшы, убачыў, што рухавік яшчэ працуе, заглушыў яго, схапіў з сядзення заплечнік. Тады не зусім разумеў, што адбываецца, дзейнічаў, хутчэй, аўтаматычна. Медыкі адвезлі мяне ў аршанскую бальніцу, дзе я правёў тры дні.
Выказваю вялікую падзяку ўрачам, а таксама інспектарам ДПС ДАІ Аршанскага РАУС капітанам міліцыі Віктару Сутоцкаму і Руслану Рабікаву за прафесіяналізм, разуменне і чалавечнасць.
І, вядома, нізкі паклон майму выратавальніку, сапраўднаму афіцэру, які не стаў, як іншыя, стаяць і глядзець ці здымаць тое, што адбываецца на камеру тэлефона, а кінуўся мне на дапамогу. Не памятаю, як ён адшпіліў заблакаваны пасля ўдару рэмень бяспекі, якім я быў прышпілены, як даставаў мяне з дымлівага аўто, - пра ўсё гэта мне распавялі потым. Не апыніся Сяргей Манаеў тады побач, я б зараз тут не знаходзіўся. Ён выратаваў мяне, і я буду памятаць гэта ўсё жыццё.