Суседскія сваркі – частая з’ява, на жаль. Часам гэта адбываецца праз несумяшчальнасць характараў, часам – праз непаразуменне, часам – праз таго, што людзі не ўмеюць саступаць адзін аднаму і банальна размаўляць. Але практычна заўсёды такія канфлікты – праз дробязі.
Вось і на гэты раз жыхарка Сенненскага раёна так пасварылася са сваім суседам, што вырашыла дабрацца да Камітэта дзяржаўнага кантролю. Туды яна паведаміла, што сусед ні многа ні мала без дазволу заняў зямлю агульнага карыстання. Звычайна так у нас называюць участкі, занятыя вуліцамі, праездамі, наберажнымі, скверамі і паркамі.
Што ж там рабіў падступны сусед? Дык нічога дрэннага – хацеў выкарыстоўваць зямлю, каб яна не пуставала. Гэта стала вядома, калі ў справу ўмяшаўся КДК і вынес суседу папярэджанне, а затым гэтаму чалавеку проста выдзелілі іншы кавалак зямлі, дзе ён законна, не азіраючыся на суседку, зможа весці сваю гаспадарку.