У апошні час пад канец матчу футбольны клуб "Орша" развальваецца і ў выніку прапускае галы. Хаця, па сутнасці, мы вядзем размову пра дзве розныя каманды, бо ўлетку ў складзе сіня-белых ужо традыцыйна адбыўся шэраг зменаў, у выніку чаго з'явіліся 11 новых футбалістаў. Адно застаецца нязменным - як папярэдні склад, так і цяперашні не ўмее роўна праводзіць матчы і тым больш гуляць на ўтрыманне ліку. Пад кіраўніцтвам Вячаслава Акшаева аршанцы, напрыклад, толькі ў канцы матчу замест дастойнага ліку з "Віцебскам" прайгралі разгромна 0:4, у некаторых іншых матчах таксама былі галы, прапушчаныя нашымі футбалістамі ў самым канцы паядынку. Прыйшоў Сяргей Вехцеў, змяніўся шэраг футбалістаў, але зноў каманда няроўна праводзіць паядынкі.
У Пінску аршанцы мелі больш момантаў, каб забіць, але пад канец сустрэчы, не знайшоўшы больш удалага спосабу ўтрымаць пераможны лік (на 43-й вызначыўся Яўген Зямко), сіня-белыя прыціснуліся да ўласнай штрафной. І прапусцілі гол ужо на 90-й хвіліне паядынку. Нічыя 1:1. Пасля гульні Сяргей Вехцеў прызнаў, што "Орша" ехала на Палессе за перамогай, аднак лік матчу ў выніку ён назваў заканамерным.