У судзе Заводскага раёна Менска скончылі разглядаць грамадзянскую справу аб высокіх тарыфах таксі. Нагадаем, рэгіянальнае таварыства абароны спажыўцоў падало пазоў супраць фірмы-перавозчыка «Киттакс» з-за іх «вар’яцкіх» тарыфаў. Патрабаванні пазоўшчыка задаволілі часткова, але юрысты лічаць, што «гэта ўжо крок да перамогі над бамбіламі».
Сведка, Марына з Оршы, дала паказанні па Skype. Дзяўчына распавяла, што ехала зімой ад ГЦ «Замак» да вакзала, дзе ёй трэба было сесці на цягнік. Яна ведала, што паездка на таксі па гэтым маршруце звычайна каштуе каля 8 рублёў.
— Падыходжу да аднаго з таксістаў, пытаюся, колькі каштуе даехаць да вакзала, ён мне: «па лічыльніку». Я удакладняю хаця б прыкладны кошт, ён сказаў неяк неразборліва — паўтара рубля. Вырашыла паехаць і села на задняе сядзенне. На вакзале таксіст выдае кошт паездкі — 23 рублі. Калі пачала высвятляць, чаму так шмат, кіроўца сказаў, што кошт кіламетру складае 3,5 рубля.
— Чаму не папярэдзілі адразу, кажу яму? Ён мне таблічку паказвае, што вісела на бардачку, надрукаваная белым шрыфтам на чорным фоне — я б яе не ўбачыла нават пры святле, а гэта быў вечар.
Марына не пагадзілася аплачваць гэтую суму і выклікала міліцыю. Таксіст паведаміў, што пасажырка не выйдзе з машыны, маўляў, дзверы ён заблакаваў. Зрэшты, пасля папярэджання дзяўчыны аб тым, што яна напіша заяву ў міліцыю аб гвалтоўным утрыманьні, адчыніў дзверы. Аднак, да прыезду міліцыі таксометр вадзіцель не выключаў — у выніку сума па чэку склала 32 рублі.
Выкліканы ў суд у якасці сведкі таксіст Вадзім, які вазіў пасажыраў па высокіх тарыфах, на паседжанне не з’явіўся.
Поўны матэрыял і тлумачэнні начальніка кампаніі Ігара Кібардзіна (на фота) можна прачытаць у матэрыяле па спасылцы.