Orsha.eu працягвае публікаваць успаміны аршанскага эмігранта ў Бруклін. Калі папярэднія часткі распавядалі пра жыцьцё ў Воршы пры Расейскай імперыі, то новая — пра пераезд у Злучаныя Штаты пасля габрэйскага пагрому, зладжаны расейскімі чарнасоценцамі. Па сённяшні дзень у Брукліне жывуць сотні, а можа і тысячы нашчадкаў тых самых уцекачоў з Воршы, Дуброўны, Смалянаў і іншых гарадоў і мястэчак Усходняй Беларусі.
Папярэднія часткі:
Успаміны пра аршанскае дзяцінства
Сыход з хедэру, фарбаванне мясных лавак
У Амерыку
Заўсёды было жаданне паехаць у Амерыку! Абэ Дуброфф быў першым, хто прыехаў у Злучаныя Штаты — прыкладна ў 1905 годзе, я мяркую. Ён ажаніўся з Мінні, зводнай сястрой маёй маці, у 1903 ці 1904 годзе, і неўзабаве пасля гэтага паехаў у Злучаныя Штаты. Потым пасля пагрому паехаў мой старэйшы брат Хаім з сям’ёй.
Планавалася, што мая сястра Іда і мой бацька паедуць у ЗША, а потым маем паехаць мы. Наша сям’я ў Амерыцы прыслала грошы, каб яны прыехалі. Але мой бацька вельмі неахвотна ўспрымаў перспектыву адпраўляцца ў ЗША, бо гэта, як ён называў, нерэлігійная краіна — «гойская медына». Ну, ён атрымаў справаздачы ад сваякоў з ЗША. А ён быў вельмі рэлігійным чалавекам!
Не хасід, а рэлігійны міснагід! Непадалёку ад сінагогі міснагідаў была сінагога хасідаў. Па дарозе з сінагогі дадому, мы павінны былі праходзіць міма сінагогі хасідаў, і кожны раз, калі мы праходзілі міма, мы спыняліся, бо гэтыя людзі так шумелі сваімі спевамі і танцамі. Але бацька не дазваляў мне застацца і глядзець. Яму не падабалася, як яны танцуюць.
Тыповая сінагога міснагідаў, рэканструкцыя
У сакавіку або красавіку 1910 г. ён пачаў чарговую працу па кантракце. Аднак неўзабаве яму стала дрэнна і ён сказаў: «Я павінен ісці дадому!». Ён прыйшоў дадому і адразу лёг у ложак. Прыехаў доктар, падумаў, што ў бацькі запаленне лёгкіх. Мой бацька пяць дзён ляжаў у ложку, а потым памёр. Гэта было менш чым за месяц да Пэсаха.
Так што мая маці, мае сёстры, Іда і Сэдзі, і я адправіліся ў падарожжа ў ЗША ў адзіночку.