Спірыдон Собаль – чалавек, які нарадзіўся не ў Оршы, але зрабіў для нашага горада вельмі шмат карыснага, у прыватнасці, сваімі ўчынкамі, усім сваім жыццёвым шляхам ён праславіў нашу Оршу і стаў адным з сімвалаў горада.
Собаль нарадзіўся ў Магілёве, але гісторыкі не маюць звестак, у якім дакладна годзе ён нарадзіўся і памёр, як і пра многіх іншых выбітных дзеячаў Сярэднявечча. Нарадзіўся ён у сям’і магілёўскага купца Багдана Собаля. У 1618 годзе быў адным з кіраўнікоў паўстання жыхароў Магілёва супраць арцыбіскупа Ясафата Кунцэвіча, які хацеў перавесці людзей ва ўніяцтва. Менавіта за гэтае паўстанне ў выніку выроку Варшаўскага суда быў павешаны бацька Спірыдона Багдан. Адукацыю будучы асветнік атрымаў, хутчэй за ўсё ў Кіева-Магілянскай акадэміі, іначай як патлумачыць шчыльныя стасункі з ёй цягам сваёй дзейнасці? Менавіта ў акадэміі Собаль, верагодна, вывучыў лацінскую і грэчаскую мовы. Пасля вяртання ў Магілёў з навучання Собаль стаў рэктарам Магілёўскай брацкай школы, а неўзабаве пачаў выкладаць у такой жа школе ў Кіеве і самой Кіева-Магілянскай акадэміі. Праз двух гадоў выкладчыцкай дзейнасці ў Кіеўскай брацкай школе ён быў прызначаны яе кіраўніком.
Затым Спірыдон Собаль адышоў ад выкладчыцкай і перайшоў да друкарскай дзейнасці – ён пачаў друкаваць кнігі пры кіеўскай Уваскрасенскай царкве пад кіраўніцтвам мясцовага мітрапаліта Іова. Зрэшты, дэбютантам у гэтай справе ён стаў даўно – яшчэ ў 1616 годзе, калі надрукаваў “Служэбнік” пры дапамозе іншых майстроў друкарскае справы.
Першым самастойным выданнем Собаля лічыцца “Ліманар” – помнік візантыйскай літаратуры 7-га стагоддзя. Але тагачаснаму кіеўскаму духавенству не спадабалася, што перакладзеная на старабеларускую мову кніга мела багата адыходаў ад кананічных праваслаўных пісанняў і ўтрымлівала ў сабе шмат свецкіх аповядаў. Тым не менш, Собаль паспяхова працягваў асветніцкую справу. Аднак такое жыццё працягвалася толькі тры гады – пасля Іоў пакінуў гэты свет, а архімандрыт Пятро Магіла вырашыў абысціся без паслуг Собаля. Заставацца ў Кіеве, дзе друкаванне кніг стала выключнай справай Кіева-Пячорскай Лаўры, Собаль не стаў, бо ўжо тады асветнік зразумеў – друкаванне кніг яго прызванне.
Такім чынам, друкар адправіўся бліжэй да родных мясцінаў, а хутка прыйшла прапанова ад ігумена Іаіля Труцэвіча і феадала Багдана Статкевіча заснаваць на нашых землях друкарні. У 1630 годзе Собаль заснаваў знакамітую Аршанскую друкарню, дзе ўбачыў свет “Буквар”, а праз пяць год яшчэ адна друкарня была пастаўленая ў Буйнічах. Таксама ў Куцеінскай друкарні ў Оршы каля 1631 года было надрукавана выданне “Брашно духовное”, потым “Малітваслоў”.
Варта адзначыць, што слова “Буквар” увогуле абавязанае сваім існаваннем Спірыдону Собалю – менавіта ён увёў гэты тэрмін, менавіта ён надрукаваў яго на тытульнай старонцы свайго знакамітага выдання. Куцеінскі “Буквар” можна лічыць першым беларускім падручнікам. Кніга ўтрымлівала звесткі пра граматыку, таксама там былі надрукаваныя малітвы і павучальныя тэксты з Бібліі. Кніга мела 40 аркушаў. На тытульным напісана “БУКВАРЪ”, а ўнізе пададзенае тлумачэнне “сиречъ, начало ученіа детем начинающим чтенію извыкати”. У гэтага выдання дакладна вядомы год выпуску, бо і такія звесткі ёсць у самім буквары – “У Куцейне ізобразілся у тіпографіі Спірыдона Собаля. Року 1631”. Так сталася, што цяпер адзіны вядомы асобнік гэтага ўнікальнага выдання захоўваецца на тэрыторыі суседняй Украіны – у Львоўскім музеі ўкраінскага мастацтва.
У 1636 годзе Собаль пераехаў у Магілёў, гэта было звязана ўва многім з дзейнасцю езуітаў, якія мелі тады велізарны ўплыў і не хацелі бачыць праваслаўную асвету ў Оршы. Тым часам Собаль падтрымліваў - яшчэ з аршанскіх часоў - стасункі з украінскімі, польскімі і маскоўскімі друкарамі. У прыватнасці, ёсць інфармацыя, што ў 1637 годзе ён прадаў металічныя літары для друкавання, так званыя матрыцы, маскоўскаму калегу Бурцову-Пратапопаву. Аднак затым у Собаля з’явіліся праблемы з наведваннем Масквы, бо нядобразычліўцы, сярод якіх быў і Бурцоў-Пратапопаў, паведамілі цару пра быццам шкодніцкую дзейнасць манаха Сільвестра – гэтае імя Собаль насіў у манастве. Гэта было зроблена з-за больш высокага, чым у маскоўскіх друкароў майстэрства друкарскай справы і больш дасканалых прыладаў працы. “Гасудар” Міхаіл Фёдаравіч забараніў Собалю працаваць у Маскве і нават выдаў спецыяльны ўказ, паводле якога Собалю забаранялася не толькі наймацца на працу ў Маскве і яе акрузе ці ствараць там друкарні, але нават прыязджаць у горад. Такім чынам, асветнік вярнуўся ў Оршу, але ў 1654 годзе маскоўскія войскі занялі наш горад і вывезлі ўсе матэрыялы Куцеінскай друкарні, у якую столькі сілаў уклаў Собаль, у Іверскі кляштар пад Ноўгарадам. Славуты друкар быў змушаны пераехаць у Кіеў і працаваў там у друкарні пры Кіева-Пячорскай Лаўры. Менавіта там і скончылася жыццё нашага вялікага земляка.
Мемарыяльная дошка, прысвечаная Спірыдону Собалю, прымацаваная да царквы на тэрыторыі Куцеінскага манастыра.