Аршанцы старэйшага пакалення добра ведалі гэтага таленавітага чалавека са складаным жыццёвым лёсам. Рос і выхоўваўся ён у шматдзетнай сям'і. Любіў маляваць, нешта выразаць з дрэва. Напэўна, гэта перадалося яму ад дзеда, які лічыўся на панскай службе і быў выдатным рэзчыкам, нават вучыўся ў Італіі.
Любоў да працы і мастацтва Сямён Сцяпанавіч пранёс праз усё жыццё. А яно складвалася зусім не проста. У 1937 годзе, калі працаваў на чыгунцы, не абмінуу яго сталінскі Гулаг. Быў яму тады 21 год. За “антысавецкую прапаганду” асудзілі Сямёна Шаўрова на 10 год, а калі ў 1943 годзе спрабаваў уцячы з лагера на фронт, дабавілі яшчэ восем.
Дапамагала выжыць любоў да мастацтва. Дарэчы, у тым жа злашчасным 1943 годзе шчыраваў ён над вялізнай лістоўніцай і вырабіў скульптуру шасціметровай вышыні. Восем месяцаў працаваў, стараўся. Абяцалі ж вызваліць. Дарэмна стараўся...
Да бацькоў Шаўроў вярнуўся ў 35-гадовым узросце з даведкай, што агітуе супраць савецкай улады. Уладкавацца на працу з такім дакументам было цяжка. Перабіваўся неяк, умелыя рукі заўсёды патрэбны. Працаваў слесарам у Барані, зваршчыкам – на чыгунцы. Рэабілітацыя прыйшла ў 1962 годзе, а з ёю магчымасць заняцца любімай справай. Працаваў мастаком-афарміцелем на льнокамбінаце, затым на “Легмашы”. З гэтай пасады Сямён Сцяпанавіч пайшоў і на пенсію.
Увесь вольны час аддаваў мастацтву. Для творчасці Шаўрова характэрны фальклорныя, літаратурныя, казачныя сюжэты. Цікавіла яго і гераічнае партызанскае мінулае рэспублікі, прырода. Спрабаваў сябе ў жанры партрэта, манументальных драўляных экспазіцый. У 1982 годзе высек 6,5-метровую стэлу, прымеркаваную да 100-годдзя Янкі Купалы. Устаноўлена ў Гродне. Скульптурную групу з дубу вышынёй у 4 метры па матывах твораў Купалы вырабіў для жыхароў Брэста.
Яркія самабытныя работы Шаўрова не переблытаеш ні з чыімі іншымі. У іх шмат народнага гумару, любові да жыцця. “Тры волаты”, “Валачобнікі”, “Сваты”, “Лявоніха”, “Паўстанцы”, “Сельскія музыкі”, “Лось і ласіха”, “Гусляр”... Пералічваць можна доўга. Многія работы Шаўрова захоўваюцца ў Дзяржаўным мастацкім музеі Беларусі, Віцебскім краязнаўчым музеі, фондасховішчы Аршанскага музейнага комплексу. З яго творчасцю знаёміліся аматары мастацтва Канады, Францыі, Германіі, Аўстрыі, Бельгіі і іншых краін.
У год 80-годдзя народнага майстра ў невялікім доміку, дзе ён пражываў, быў адкрыты музей драўлянай скульптуры. Тут разьбяр дэманстраваў свае работы, перадаваў майстэрства сваім вучням.
Сёння ў музеі працуе цікавая экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці Сямёна Сцяпанавіча Шаўрова, працягваецца традыцыя папулярызацыі народнай самабытнай творчасці таленавітых майстроў Аршаншчыны.
Днямі (2012 год) на доме-музеі драўлянай скульптуры народнага майстра Сямёна Сцяпанавіча Шаўрова адкрылася памятная дошка. Мерапрыемства прымеркаванне да 20-годдзя з дня адкрыцця музея. Трэба адзначыць, што аналагу такога музея няма ў вобласці, а ў рэспубліцы іх усяго чатыры.