Георгій Васільевіч Сямёнаў нарадзіўся 4 красавіка 1902 года ў вёсцы Кочнева цяпер Вязьнікоўскага раёну Уладзімірскай вобласці. Працоўны стаж пачаў з 12 год, калі пайшоў працаваць на фабрыку імя Парыжскай камуны ў горадзе Вязьнікі. Прайшоў шлях ад рабочага да дырэктара фабрыкі, затым быў прызначаны намеснікам упраўляючага льнотрэста. Калі трэсты ліквідавалі, Сямёнава накіравалі на вучобу ў Прамысловую акадэмію.
У 1941 годзе пасля заканчэння Акадэміі Георгій Васільевіч быў накіраваны на работу дырэктарам Аршанскага льнокамбіната. На гэтай пасадзе ён адпрацаваў больш за 30 год. Неацэнны яго ўклад у аднаўленне льнокамбіната пасля Вялікай Айчыннай вайны, у будаўніцтва жылога раёну тэкстыльшчыкаў, сацыяльных аб’ектаў. Прадпрыемства, якое прыняў, калі яно выпускала толькі мешкавіну, стала за гэты час адным з буйнейшых прадпрыемстваў ва ўсім Савецкім Саюзе, выпускала разнастайную ільняную прадукцыю.
У 1955-1956 гадах Георгій Васільевіч Сямёнаў займаў пасаду першага намесніка міністра тэкстыльнай прамысловасці Беларускай ССР, затым зноў вярнуўся на льнокамбінат.
У 1966 годзе за выдатныя заслугі ў развіцці льняной галіны лёгкай прамысловасці Георгію Васільевічу было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Ён меў і іншыя ўзнагароды: два ордэны Леніна, ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі, медалі. Заслужаны работнік прамысловасці Беларускай ССР, ганаровы грамадзянін Оршы.
Георгій Васільевіч Сямёнаў жыў у Оршы. Памёр ў 1976 годзе.
Іменем Георгія Васільевіча Сямёнава названы Аршанскі прафесійны ліцэй тэкстыльшчыкаў і вуліцы ў Оршы і вёсцы Сцепанцова Вязьнікоўскага раёну Уладзімірскай вобласці. У Оршы штогод праводзяцца традыцыйныя адкрытыя рэспубліканскія спаборніцтвы па веласіпеднаму спорту, прысвечаныя памяці Г.В. Сямёнава.