Раніцай 30 траўня гэты свет пакінуў выдатны беларускі паэт Генадзь Бураўкін. Ва ўзросце 77 гадоў ён памёр у сваёй кватэры.
Доўгі час кватэра Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна размяшчалася над офісам Праваабарончага цэнтру “Вясна”, канфіскаванага па рашэнню судовых органаў у лістападзе 2012 года ў межах крымінальнага пераследу кіраўніка арганізацыі, праваабаронцы і літаратара Алеся Бяляцкага.
На працягу 12 год Генадзь Бураўкін нярэдка, па-суседству, наведваў “вясноўцаў”, перадаваў праз іх свае кнігі гасцям “Вясны”, цікавіўся праваабарончымі выданнямі. Неяк нават публічна прызнаўся, што жыве над “Вясной”. Ад’язджаючы надоўга на лецішча, прасіў забіраць з паштовае скрыні карэспандэнцыю і захоўваць да ягонага вяртання. Пад час масавых ператрусаў пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2010 годзе, калі разам са многімі грамадскімі і палітычнымі арганізацыямі “трэслі” “Вясну”, прапаноўваў пераседзець навалу ў сваёй кватэры.
Генадзя Бураўкіна моцна ўзрушыла затрыманне і суд над старшынёй Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесем Бяляцкім. Ён шчыра цікавіўся тым, як праходзіць судовы працэс, суперажываў з калегамі і сябрамі праваабаронцы. У мінулым годзе, пад час прэзентацыі кнігі праваабаронцы і пісьменніка Алеся Бяляцкага “Асьвечаныя беларушчынай”, Генадзь Бураўкін падзяліўся з удзельнікамі імпрэзы сваім бачаннем асобы Алеся Бяляцкага, яго праваабарончай і літаратурнай дзейнасці.
Алесь Бяляцкі, у сваю чаргу, дзяліўся сваімі марамі пра будучае і казаў: “Некалі на гэтым доме будуць усталяваныя шыльды, прысвечаныя Генадзю Бураўкіну і “Вясне”.
Сябры Праваабарончага цэнтру “Вясна” смуткуюць з нагоды заўчаснай смерці добрага, шматгадовага суседа Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна і выказваюць спачуванне ягоным родным і блізкім.