На ўскраіне Віцебска ў двухпавярховым катэджы была ўзятая небяспечная крымінальная групоўка, якая абчышчала чужыя банкаўскія рахункі. А перад тым трое заезджых з Расеі бандытаў былі "ўзятыя" цёпленькімі ў гульнявым клубе. Дзейнічалі злачынцы проста — людзям, якія выставілі на адным з інтэрнэт-сайтаў непатрэбныя рэчы на продаж, тэлефанавалі людзі, часам гэта быў мужчына, які адмыслова змяняў голас на жаночы, і казалі, што скупляюць тавары для наступнай рэалізацыі праз інтэрнэт-краму. Абываталі, якія нібы забылі непахіснае правіла — не паведамляць нікому рэквізітаў банкаўскіх картак і дадзеныя пашпарту, неўзабаве траплялі на вуду злачынцаў, за некалькі секундаў пасля атрымання патрэбнай ім інфармацыі, зладзеі здымалі ўсе грошы з картак, паведаміў сайт МУС. Дзеля гэтага часам выкарыстоўвалі хлопчыка, які хадзіў па банкаматах і здымаў грошы.
Высветлілася, якім чынам злачынцы здабывалі ўсё новыя нумары мабільных тэлефонаў. Гэта аказалася лягчэй за простае. Як гэта часта бывае, калі бандытам патрэбныя аўтамабілі ці мабільныя тэлефоны, а "свяціцца", выклікаючы падазрэнні, яны не хочуць, тады звяртаюцца да алкаголікаў або беспрытульных. Так было і на гэты раз. Бандыты прыехалі ў Оршу і папрасілі тутэйшых алкаголікаў купіць сім-карткі і аформіць іх на сябе. Аршанцы, якія вялі асацыяльны лад жыцця і дапамаглі з набыццём сім-картак бандытам, зрабілі гэта не забясплатна.
Як яны патлумачылі міліцыянтам, за паслугу кожны атрымаў па 30 рублёў, а людзі, якія давалі грошы і прасілі аб паслузе, мелі неславянскую знешнасць. Пасля завяршэння расследвання высветлілася, што злачынцы былі прыезджымі з Калужскай вобласці Расеі. Прычым натварылі яны справаў не толькі ў Беларусі, але і на сваёй радзіме. Таму імі яшчэ зоймуцца расейскія паліцыянты. Ну а аршанскім алкаголікам варта лепей думаць, навошта спрыяць падазроным элементам з відавочнымі крымінальнымі намерамі. Атрымаўшы грошы на выпіўку, можна і самім апынуцца за кратамі або на нейкі час пад падазрэннем у саўдзеле ў злачынствах.