У дзіцячым аддзяленні аршанскай бальніцы, як паведамілі ў міліцыі, яшчэ 5 снежня здарыўся крадзеж: падчас выпіскі 16-гадовая пацыентка забрала чужы мабільнік за 200 рублёў. Падазраваная зайшла развітацца са знаёмымі ў суседнюю палату, пасля чаго тэлефон 11-гадовай дзяўчынкі знік. Праз некаторы час пацярпелая заўважыла знікненне каштоўнай рэчы і паведаміла пра гэта медыкам і сваёй маці. Апошняя звярнулася ў міліцыю. Пра тое, што сышчыкі займаюцца раскрыццём крадзяжу, падазраваная даведалася, калі прыйшла ў бальніцу за дакументамі, - людзі ў форме апытвалі персанал і пацыентаў. Дзяўчына выйшла на вуліцу і выкінула выкрадзены тэлефон у каналізацыю.
Неўзабаве на навучэнку каледжа выйшлі аператыўнікі: яна прызналася ў зробленым і паказала, дзе знаходзіцца мабільнік. Пасля разбору матэрыялы праверкі былі перададзеныя ў следчыя органы для дачы прававой ацэнкі дзеянням дзяўчыны. У яе дачыненні распачалі крымінальную справу за крадзеж, паведаміў сайт МУС.
У Галоўным упраўленні крымінальнага вышуку МУС распавялі, што з пачатку года ва ўстановах аховы здароўя зафіксавана 320 крадзяжоў маёмасці. Часцей за ўсё кралі мабільныя тэлефоны, грошы і ювелірныя ўпрыгажэнні. Таксама сышчыкі заклікаюць пацыентаў не пакідаць асабістыя рэчы без нагляду і пры неабходнасці здаваць іх на захоўванне медперсаналу.