У Менску 28 чэрвеня адбудзецца гульня "Схватка", якая ў гэты раз пройдзе цалкам на беларускай мове і будзе называцца "Слава Воршы ўжо ня горша". У "Схватцы" каманда атрымлівае заданне па інтэрнэце і выконвае яго на гарадской прасторы. У Беларусі ў яе гуляюць больш за 10 гадоў. Класічная "Схватка" — гульня аўтамабільная і начная.
Арганізатар гульні Яраслаў Ліхачэўскі адзначыў, што да большасці агентаў гульні трэба будзе звяртацца па-беларуску. Да кагосьці і на іншых мовах, але ўмоўны вораг у гульні — Маскоўскае княства, таму на час "Схваткі" расійская мова будзе не ў пашане. Паводле сцэнара кожны капітан каманды, ліцвінскі шляхціч XVI стагоддзя, атрымлівае ліст ад вялікага гетмана Канстанціна Астрожскага, што на нашыя землі напала маскоўскае войска і захапіла Смаленск, Дуброўну, Крычаў і Мсціслаўль. Таму трэба хутка сабраць паспалітае рушэнне і выступіць насустрач. У прызначаны час каманды збіраюцца ў пэўным месцы і рушаць да бітвы. На шляху ім давядзецца выканаць заданні, з якімі прыходзілася сутыкацца шляхцічам тых часоў. Усё заканчваецца самой бітвай, пасля якой адбудзецца пір са старажытнымі беларускімі стравамі і віншаванне пераможцаў.
Для ўдзелу трэба каманда з трох чалавек на веласіпедах. У адрозненні ад класічнай "Схваткі", камандзе не патрабуецца штаб, які каардынуе гульцоў. Таксама спатрэбіцца тэлефон з выхадам у інтэрнэт, бо асноўная камунікацыя адбываецца ў інтэрнэце. Гульня можа праходзіць некалькі гадзін, таму варта паклапаціцца пра запасны акумулятар. Не лішнім будзе ліхтарык і нататнік з асадкай. Да ўдзелу ў гульні дапускаюцца толькі асобы, што дасягнулі паўналетняга ўзросту. Таксама кожная каманда мусіць сплаціць уваходны ўнёсак. Гэта 30 даляраў з каманды. Усе грошы ідуць на арганізацыйныя выдаткі і на ежу і пітво для піра.