Беларускі бізнесовец Аляксандр Шакуцін з Вялікага Бабіна, што ў Аршанскім раёне, вельмі незадаволены міжнароднымі санкцыямі, накладзенымі на Лукашэнку і ягоных «спонсараў». Шакуцін кантралюе холдынг «Амкадор», ён сябе спонсарам дыктатуры не лічыць, але Лукашэнку паважае. Прадпрымальнік мае намер аспрэчыць уключэнне яго ў санкцыйны спіс Еўразвязу. Ён з’явіўся ў ім у снежні.
«Мы ўжо напісалі пратэст на гэтае рашэнне. Таму што ўсе звесткі, якія там выкладзены ў дачыненні да мяне, — яны ілжывыя. Ні адзін факт, які мне інкрымінуецца, не пацвярджаецца ніякім юрыдычным дакументам. Ніводнага доказу! Гэта тоесна таму, што хто-небудзь што-небудзь прыдумае або пачуе на Камароўцы, а затым выдасць гэтую інфармацыю як праўдзівую. Ці хто-небудзь з журналістаў тыпу вас напісаў сваё меркаваньне пра штосьці, не разумеючы, што піша, і яно разышлося ўсюды, і ўсе прынялі яго за праўду, хоць там адны здагадкі...»- заявіў ён у інтэрв’ю «Народнай волі».
Шакуцін падкрэсліў, што не ведаў пра магчымае ўключэнне яго ў санкцыйныя спісы, за ўсю сваю гісторыю ніколі нікому ва ўрадзе не даў ні капейкі грошай, не спансаваў і Аляксандра Лукашэнку. Паводле яго слоў, ніхто ніколі ў яго нічога не прасіў. Усё гэта ён гатовы пацвердзіць і на паліграфе. Пры гэтым Шакуцін высока шануе тое, што Лукашэнка «зрабіў для краіны і для прамысловасці Беларусі».
«Санкцыі — гэта яшчэ дробнае. Банкі падалі ў суд, і я сёння не маю права выехаць за мяжу. Не толькі ў Еўропу, але нават у Расею ці Украіну! Я не маю права сесці за стырно — так суд вырашыў, у мяне арыштавана маёмасць», — сказаў Шакуцін.
Таксама бізнэсовец паскардзіўся на судовую цяжбу з гарадскімі ўладамі з-за будаўніцтва гасцініцы.
Шакуцін апынуўся пад пагрозай страты некаторых актываў яшчэ да санкцый.