У той аварыі, якая адбылася 27 жніўня 2020 года, два пасажыры вінаватага ў аварыі загінулі. Трагедыя здарылася каля вёскі Міцькаўшчына Аршанскага раёна. «Volkswagen Passat» вылецеў на ўзбочыну і ўрэзаўся ў павільён прыпынку. Як пазней установіць следства, у момант ДТЗ на хуткасці 91,4 км/г кіроўца адцягнуўся ад кіравання, каб пераключыць песню на магнітоле. А ў крыві кіроўцы знойдуць этылавы спірт у канцэнтрацыі 3 праміле, паведамляе прэс-служба Віцебскага абласнога суда.
На месцы аварыі загінулі два пасажыры - 32-гадовы і 41-гадовы мужчыны. Дадзеныя аб колькасці астатніх пацярпелых разыходзяцца: СК паведамляў аб кіроўцу і яшчэ двух пасажырах, згодна жа прэс-рэлізу суда, у аўто было чатыры чалавекі, пішуць "Народныя навіны Віцебску".
Суд Аршанскага раёну і горада Оршы прызнаў 47-гадовага мужчыну вінаватым у парушэнні ПДР у стане алкагольнага ап'янення, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць двух чалавек і прычыненне трэцяму цяжкага цялеснага пашкоджання. На падставе часткі 5 артыкулу 317 КК яго прысудзілі да 7 гадоў пазбаўлення волі, а таксама да пазбаўлення права кіраваць транспартам на 5 гадоў.
Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым законам парадку.