У Лёзна пенсіянерка згубіла кашалёк. Але не на вуліцы, а ў краме. Там, каля камер захоўвання, яна перакладала тавары з кошыка ў сумку і пакінула кашалёк з грашыма. Жанчына заўважыла страту толькі ўвечары дома і звярнулася ў міліцыю.
Аказалася, што кашалёк забраў іншы наведвальнік крамы. "Што ўпала, тое прапала", – напэўна, падумаў ён, бо забраў знаходку сабе. Але не для захоўвання, а пачаў траціць грошы, якія былі ўнутры. Вось толькі ён не ўлічыў, што ў краме вяліся відэаздымкі. Дзякуючы гэтаму няўдачлівага мужчыну хутка знайшлі. Цяпер яму пагражае крымінальная адказнасць, бо такія дзеянні расцэньваюцца як крадзеж.
Паводле Крымінальнага кодэкса Беларусі, за гэта могуць прызначыць грамадскія работы, штраф, папраўчыя работы тэрмінам да двух гадоў, арышт, абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў або нават пазбаўленне волі на такі ж тэрмін.
Таму, калі вы калі-небудзь знойдзеце ў краме чужы кашалёк, нават не думайце ўзбагаціцца на чужым няшчасці – адразу аддайце яго адміністрацыі.