Супольны канцэрт некалькіх гуртоў і выканаўцаў быў спынены міліцыяй, затрыманыя больш за 60 чалавек. На музыкаў складаюць пратаколы - рэальнасць Беларусі 2021 года.
Канцэрт праходзіў вечарам 13 лютага на базе адпачынку "Аганёк" пад Мінскам у Смалявіцкім раёне. Анансаваўся ён даволі сціпла - праз сацыяльныя сеткі, але сабраў поўны аншлаг у адносна не вялікай залі. Проста пад час выступу на базу прыехаў АМАП, які і спыніў выступ музыкаў. Як паведамляе партал Tut.by агулам было затрымана 67 чалавек: гледачы і музыкі. Частку гледачоў, прынамсі тых хто быў сем'ямі і разам з непаўнагадовымі дзецьмі, адпусцілі пасля складання пратаколу. Музыкаў жа пакінулі ў мясцовым РАУС.
Сярод затрыманых аказалася і ўраджэнка Балбасава, сёння знакамітая спявачка Валерыя Суравіцкая, больш вядомая пад псеўданімам Lear. Больш дакладнай інфармацыі на дадзены момант няма. Мы паспрабавалі звязацца з прадусарам Lear ладзіславам Лепяшынскім, але раніцай 14 лютага яго нумар быў не даступны, што можа гаварыць пра тое, што Ўладзіслаў затрыманы таксама. Хаця і не вядома што інкрымінуюць музыкам, але мы можам здагадвацца, што гаворка ідзе пра самы народны артыкул адміністратыўнага кодэксу 23.34 - удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.