У горадзе Роўна і вобласці збіраюцца шырока і ўрачыста адсвяткаваць 500-годдзе славутай перамогі войска Вялікага княства Літоўскага пад Оршай. У ровенскай галерэі "Євро-Арт" пройдзе прэс-канферэнцыя, прысвечаная стварэнню ўнікальнага батальнага палотнішча "Перамога княза Астрожскага ў бітве пад Оршаю". Падчас прэс-канферэнцыі гараджанам распавядуць, у чым была важнасць той бітвы і чаму 500-годдзе перамогі ў ёй трэба шанаваць і святкаваць.
Батальнае палотнішча пра бітву створыць вядомы ўкраінскі мастак Юрый Нікіцін. Кульмінацыяй святкаванняў перамогі стануць святы, якія будуць зладжаныя 6-8 верасня адразу ў пяці гарадох сучаснай Украіны, у якіх жыў род Астрожскіх — Роўна, Астрог, Дубна, Стараканстанцінаў і Наваград-Валынскі.