9 студзеня ў 11-48 у цэнтр аператыўнага ўпраўлення Аршанскага гаррайаддзелу па НС ад мужчыны паступіла паведамленне аб тым, што ён заблукаў у лесе паблізу чыгуначнай станцыі Лужкі Аршанскага раёну.
Да месца паведамлення былі неадкладна накіраваны падраздзяленні Аршанскага гаррайаддзелу надзвычайных сітуацый.
— Ужо па дарозе да месца паведамлення я звязаўся з заяўнікам, — расказвае старшы памочнік начальніка цэнтра аператыўнага кіравання Аляксандр Леановіч. — Ён сказаў, што знаходзіцца ў лесе недзе паміж вёскай Лужкі і гарпасёлкам Багушэўск. Я ўдакладніў у яго, ці ёсць нейкія характэрныя будынкі ці збудаванні зблізку, на што можна зарыентавацца. Мужчына сказаў, што стаіць побач са слупком, на якім пазначаны нейкія лічбавыя абазначэнні. Запісаўшы маркіроўку слупа, я стэлефанаваўся з прадстаўнікамі лясной гаспадаркі, якія паказалі мне каардынаты, дзе такі слупок усталяваны. Ужо разам з імі і прадстаўнікамі міліцыі мы паехалі на месца — там мы і знайшлі мужчыну. Па лесе мужчына прайшоў каля 8 км, візуальна ён быў стомлены і моцна змёрзлы. Дабрацца да дома яму дапамаглі супрацоўнікі міліцыі.