Магіла славутага беларускага кампазітара, дырыжора, аўтара «Пагоні», этнографа, беларускага дзеяча ў эміграцыі Міколы Шчаглова-Куліковіча знаходзіцца ў прыгарадзе Чыкага. Але пахаванне мала вядомае беларусам, нават эмігранатм у ЗША. Вядомы музыка і арганізатары імпрэзаў Сяржук Доўгушаў, які паходзіць з вёскі Тарчылава на Аршаншчыне, у час сваёй паездкі з каляднымі вечарынамі па Злучаных Штатах разам з жонкай адшукаў магілу славутага земляка.
Магіла Шчаглова-Куліковіча
Вось што расказаў пра працэс пошуку пахавання сам Доўгушаў:
«Там, а дакладней на могілках Адальберта ў Найлсе, ён пахаваны разам са сваёй жонкай Надзеяй Градэ-Куліковіч. Пасля некалькі гадзін безнадзейных пошукаў сярод лёду і снегу, мая гераічная жана усё ж адкапала, знайшла шыльду Куліковіча! Памянулі, праспявалі «Пагоню» і падзякавалі ад ўсіх творчых беларусаў за ўсю спадчыну, за ўсе музычныя скарбы, што ён нам пакінуў!
Беларусы ў Чыкага і ўсе беларусы, якія побач, абавязкова наведайце магілу нашага земляка. А яшчэ прапаную ўсім сабрацца на могілках 25 сакавіка, ушанаваць памяць усіх беларусаў, хто тут пахаваны і абавязкова разам праспяваць «Толькі ў сэрцы трывожным пачую...»
Чырвоным пазначана месца пахавання кампазітара і ягонай жонкі ў Найлсе