Сцэнар крадзяжа зусім як у 90-я - проста з фуры пакуль кіроўца не бачыць. Магілёўская міліцыя паведаміла, што раніцай 15 студзеня на паркоўцы ў Магілёўскім раёне кіроўца пасля адпачынку заўважыў на сваім грузавіку сарваныя пломбы. Фура была не пустая - яна везла сыр з Брэста ў Расею і, дарэчы, належала расейскаму перавозчыку. Адчыняў фуру, каб праверыць ці скралі там што, кіроўца разам з міліцыянтамі. І, сапраўды, тоны сыра ўжо не было.
Некалькі дзён спатрэбілася супрацоўнікам міліцыі каб знайсці сырныя сляды. Аказалася, што залезлі ў фуру трое 31-гадовых аршанцаў. У Оршы іх і затрымлівала група захопу. Дарэчы частка сыру была знойдзена проста на месцы затрымання, але большую частку яны паспелі рэалізаваць.
Скрадзены сыр ацэнены ў 15.000, што азначае крадзёж групай асобаў у буйным памеры. А значыць і большы тэрмін.