Вядомы музычны творца з Аршаншчыны Сяржук Доўгушаў цяпер жыве ў Злучаных Штатах. Ён эміграваў з Беларусі з-за татальнага пераследу беларускіх творцаў рэжымам Лукашэнкі. Напярэдадні Сяржук даў канцэрты для беларускай дыяспары Канады. Канадскія беларусы ўжо ўва многіх пакаленнях жывуць за акіянам, многія з іх яшчэ не былі на гістарычнай радзіме, аднак шануюць народныя традыцыі, гавораць на беларускай мове і наведваюць беларускія імпрэзы.
Сяржук Доўгушаў выступіў у Канадзе з гуртом «Яваровы людзі».
Прадстаўніца беларускай дыяспары ў Канадзе Алена Лявончанка пракаментавала канцэрт:
«Цудоўны Сяржук Доўгушаў з гуртом „Яваровы людзі“. Мы вельмі радыя былі вітаць Сяржука ў Канадзе, яго талент такі шчодры і бязмежны, што хапіла і на сольны канцэрт, і на выступ з дзвюма канадыйскімі фолк-гуртамі, і на бяседнае застолле пасля імпрэзы. Мора светлых усмешак у залі, і галоўнае — дружна падпявалі і танчылі беларусы, украінцы і канадыйцы, бо сапраўдны фальклор кранае за душу і не ведае межаў. Дзякуй Зміцеру Леановічу, што здзейсніў тур Сяржука па Канадзе!»