Ужо колькі год працягваецца эпапея з будынкамі былых манастыроў, якія перадалі Маскоўскаму патрыярхату Беларускай праваслаўнай царквы і чакаюць рэстаўрацыі. Сёння ў Оршы тры такіх будынку: будынак мужчынскага Куцеінскага манастыра, будынак былога манастыра каталіцкага ордэна Францысканцаў і будынак былога манастыра ўніяцкага ордэна базылянаў.
Куцеінскі манастыр хаця і не рэстаўруецца, але ўтрымліваецца ў адносна прыстойным стане і даглядаецца. У будынку францысканскага манастыра новы ўладальнік толькі забіў вокны і дзверы, каб болей не дапусціць у будынак бамжэй. Базылянскі манастыр да гэтае пары не мае паўнавартаснага часовага даху і ў новы дажджліва-снежны сезон пойдзе толькі напалову накрыты.
Што ж рабіць? Акрамя праваслаўнай царквы ніхто іншы гэтыя будынкі браць не хацеў, а жадання рэстаўраваць іх ва ўласнікаў не назіраецца.
Канешне, перш за ўсё гэта пытанне фінансаў, але калі царква не мае сродкаў на рэстаўрацыю, можа, ёсць сэнс адміністрацыі гораду дапамагчы царкве, выдзеліўшы сродкі, або дапамагчы ўзяць ільготны крэдыт на адмысловых умовах. Ёсць і іншыя магчымасці дапамогі з боку адміністрацыі, напрыклад, бліжэйшы суботнік арганізаваць для збору сродкаў на помнікі, а не на тое пра што скажуць з Мінску.
А можа быць пытанне не ў сродках, а ў не жаданні рэстаўраваць помнікі якія будавалі канкуруючыя з праваслаўем канфесіі? Тады ёсць сэнс забраць помнікі ва ўласнасць гораду і ўжо па іншаму шукаць сродкі на рэстаўрацыю.
Прапануем вам выказацца на абазначаную тэму ў новым апытанні на галоўнай старонцы сайту. Калі ж з прапанаваных варыянтаў адказаў вам аніводны не спадабаўся, то выкажыцеся ў каментарах да дадзенага артыкула.
Апытанне з'явіцца а 15-30 12 жніўня.