Чаму Міністэрства адукацыі вырашыла назваць школу імем жывога чалавека, ды яшчэ ў чужым для яго горадзе — невядома. Але факт выглядае так — школа № 153 у менскай Серабранцы цяпер носіць імя Аляксея Талая — удзельніка паралімпійскай зборнай Беларусі.
Талай вядомы сваёй падтрымкай Лукашэнкі, сілавога здушэння пратэстаў на Радзіме. Таксама ён — палкі прыхільнік вайны Расеі супраць Украіны і нават наведаў акупаваныя тэрыторыі Украіны, якія заняла так званая «ДНР».
Дырэктарка менскай школы Марына Палішчук сказала, што цэніць унёсак Талая ў «прасоўванне міратворчых ідэй». У чым спрыянне міру з боку паралімпійца, Палішчук не патлумачыла. Наўрад ці такім можна лічыць паездку на акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі і сустрэчы з падзякамі з прарасейскімі баевікамі і калабарантамі.