Абласная пракуратура перадала справу аб забойстве ў суд. Адпаведна ў хуткім часе ў Оршы будзе дастаткова арыгінальнае судовае паседжанне.
Справа сапраўды не зусім звычайнае, хаця б таму, што за забойства ў нашым горадзе судзяць не кожны дзень. Ды і само забойства атрымалася дастаткова арыгінальным.
Пачалося ўсё ў траўні гэтага года. 56-гадовая жанчына жыла са сваім сужыцелем амаль шчаслівым жыццём. Асаблівае шчасце нападала тады, калі абодвум выпадала магчымасць выпіць. Але былі і бязрадасныя дні калі выпіць не было за што - абодва нідзе не працавалі, а выпівалі дастаткова рэгулярна. У адзін дзень сужыцель надта расстроіў сваю сяброўку тым, што вырашыў выпіць без яе. ды мала таго, што напіцца захацеў адзін, дык яшчэ і вынес з хаты рэчы, якія належылі родзічу жанчыны. Гэта і стала прычынай сваркі, якая перарасла ў мардабой. Праўда, часцей у такіх параз мужчыны распускаюць рукі. А тут...
Пакрыўджаная жанчына збівала свайго сужыцеля ўсім што патрапляла пад руку. Усе прадметы і не пералічыш, таму следчыя пералічылі толькі колькасць удараў. І агулам налічылі 380 удараў, з якіх 80 патрапіла па галаве, а 140 па шыі мужчыны. Пасля такой колькасці ўдараў мужчына ў нейкі момант перастаў аказваць хоць які супраціў. Жанчына перамагла! Ну, а як не выпіць за перамогу, тым больш, што за вынесеныя рэчы грошы былі.
Пераможца пайшла за алкаголем ды па дарозе яшчэ і кампанію знайшла - дваіх субутэльнікаў. Колькі кампанія выпівала пракуратура не паведамляе. Але пад час распіцця алкаголю субутэльнікі знайшлі пераможанага ў суседнім пакоі ўсяго ў крыві. Гэта іх напужала, дапіўшы ўсё, яны параілі жанчыне выклікаць хуткую і сыйшлі з кватэры.
Замест хуткай, жанчына проста лягла спаць. Ну, што ж, дзень быў насычаны.
А раніцай мужчына быў ужо мёртвы. Толькі тады жанчына пазваніла сваім дзецям, якія і выклікалі не хуткую - яна была ўжо не патрэбна, а міліцыю. Смерць мужчыны наступіла ў выніку траўматычнага шоку. Жанчыну затрымалі і пасля доўгага следства цяпер яна прадстане перад судом.