Кніга з гаворачай назвай для спецыялістаў "Аршаншчына ў люстэрку фалерыстыкі". Але для шырокага чытача тэрмін фалерыстыка можа быць не вядома. А гэта калекцыянаванне розных значыкаў і медалёў, калі гаварыць спрошчана. Хобі, якое перарасло ў дапаможную гістарычную навуку. Бо ў гэтым калекцыянаванні ёсць свой інструментарый. Што і лагічна, за многімі значыкамі стаіць гісторыя: яны выдаваліся з нейкай нагоды, іх стваралі канкрэтныя людзі, іх урачалі нейкім канкрэтным асобам.
Усё гэта на старонках кнігі апісваюць Алесь Сярожкін - вядомы аршанскі калекцыянер - і Мікалай Міронаў з Мінску.
Сярожкін як калекцыянер вядомы далёка за межамі Оршы. Чалавек, які шмат гадоў выдаваў адзінае спецыялізаванае друкаванае выданне "Беларускі калекцыянер". Ён сёння дакладна найбольш даведчаны ў розных відах калекцыйных хобі і, канешне, сам мае шматлікія калекцыі.
Унікальнасць кнігі як мінімум у двух прычынах. Па-першае, гэта адно з нямногіх (калі ўвогуле не адзінае) выданне прысвечанае гэтай навуцы ў нашай краіне. Другая ўнікальнасць у тым, што кніга вельмі лакальна аглядае канкрэтны рэгіён - Аршаншчыну. І іншыя гарады і раёны краіны такога выдання не маюць ды і мець яшчэ доўга не будуць.