Камітэт дзяржаўнага кантролю знайшоў сянаж трохгадовай вытрымкі ў Аршанскім раёне. Сянажная яма зарасла лебядой і пра яе забыліся.
Закінутая сянажная траншэя аб’ёмам 427 тон, закладзеная яшчэ ў ліпені 2020 года, была знойдзена ў ліпені гэтага года ў «Селекцыйна-гібрыдным цэнтры «Задняпроўскі» ААТ «Аршанскі КХП», паведамляюць ННВ са спасылкай на КДК.
Корм сапсаваўся і непрыдатны да скормлівання быдлу, пры гэтым не спісаны і лічыўся ў астатках. Траншэя, як і прылеглая да яе тэрыторыя, утрымліваюцца ў вельмі нездавальняючым стане.
Раней аналагічныя факты ўстаноўлены ў гэтай і іншых гаспадарках раёна. Так, у «Задняпроўскім» выяўлена псаванне 2500 тон і нястача 2400 тон травяных кармоў. Філіялу нанесена шкода на суму 297 000 рублёў, матэрыялы праверкі перададзены сілавікам.
У студзені 2023 года псаванне травяных кармоў выявілі ў «Барздоўцы-Агра» — у непрыдатнасць прыйшло 915 тон кармоў на суму больш за 90 000 руб., нарыхтаваных у 2020-2022 гадах, тут жа выкрыта нястача 1400 тон сіласу коштам 99 тысяч рублёў.
У дачыненні былога дырэктара «Барздоўкі-Агра» органамі фінансавых расследаванняў заведзена крымінальная справа. Прыняты захады па знішчэнні няякасных кармоў. Аб выяўленых фактах праінфармаваны мясцовыя органы ўлады.