53-гадовы механізатар аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Аршанскага раёна, працуючы на трактары, зліваў паліва для ўласных патрэб. Усё дзякуючы спецыяльнай урэзцы ў паліўнай сістэме свайго трактара. Яе мужчына спраектаваў самастойна, а потым укараніў у працоўную машыну. Дзякуючы гэтаму штодня ў спецыяльную каністру капала дзяржаўная салярка, паведаміла абласная міліцыя.
Заўважыць яе знікненне не змог нават спецыяльны датчык, усталяваны на трактары. Яго, дарэчы, вясковец сам папрасіў уманціраваць у тэхніку, каб адвесці ад сябе падазрэнні з боку кіраўніцтва гаспадаркі. Пры гэтым мужчына ўвесь час скардзіўся на недахоп выдзеленай квоты ГЗМ.
Аператыўнікі высветлілі, што кіроўца за некалькі месяцаў прысвоіў як мінімум 225 літраў паліва.
Варта адзначыць, што жыхар Аршанскага раёна ўжо меў раней праблемы з законам з-за крадзяжу дзяржаўных гаруча-змазачных матэрыялаў. Незаконна здабытая салярка канфіскавана.
У дачыненні механізатара пачалі крымінальную справу за крадзеж.