Следчы камітэт скончыў расследванне жорсткага забойства, якое не нарабіла шуму, але аб'ектыўна здзіўляе. Жанчына і мужчына пражывалі разам у вёсцы Падкняжанне Шклоўскага раёна. І пражывалі разам больш за 15 гадоў, хаця афіцыйна так і не пажаніліся. У прынцыпе пражывалі нармальна калі былі цвярозыя. Але ж выпівалі не рэдка і як выпівалі, то пачыналі сварыцца. 24 траўня яны выпівалі чарговы раз і чарговы раз паканфліктавалі. На гэты раз канфлікт атрымаўся занадта жорсткім. Настолькі, што мужчына схапіў бутэльку з запальваючай сумяссю і плескануў ёю на сваю сужыцельніцу. А потым падпаліў жанчыну.
Адразу ж мужчына спужаўся таго, што нарабіў і патушыў полымя, але жанчына паспела моцна абгарэць. Дактары потым канстатавалі апёкі 40% цела. Сам жа мужчына і выклікаў хуткую дапамогу. Першапачаткова мужчына спрабаваў даказаць, што жанчына паліла смецце і такім чынам загарэлася. Але ў бальніцы жанчына на некаторы час прыйшла ў свядомасць і змагла расказаць следчым, што адбылося насамрэч. Праз некалькі дзён 61-гадовая пенсіянерка памёрла ў бальніцы, але следства ўжо пачало працаваць у патрэбным кірунку.
Цяпер следства скончана і папярэдняе абвінавачанне: забойства з асаблівай жорсткасцю. Справа перададзена ў пракуратуру.