Ноччу 4 верасня сакрэтна перакрывалі чыгуначны рух пад Талачыном, была страляніна ці выбухі, паведаміла «Супольнасць чыгуначнікаў».
З 1:00 да 3:00 цалкам перакрываўся чыгуначны рух у раёне гораду. Цягнікі спынялі ў абодвух напрамках на ўчастку даўжынёю каля 45 км ад станцыі Слаўнае да станцыі Коханава. Паводле старонкі, рух закрылі на вуснае патрабаванне сілавікоў.
У гэты ж час у раёне Талачына было чуваць ці то страляніну з агнястрэльнай зброі, ці то выбухі сігнальных петардаў.
Чыгуначнікі не выключаюць, што здарэнне магло быць звязана з засакрэчаным перамяшчэннем па чыгунцы вайсковага кантынгенту, тэхнікі або боепрыпасаў.
«Супольнасць чыгуначнікаў» звяртае ўвагу на тое, што спыненне руху пад Талачыном ноччу 4 верасня старанна хаваецца: адзнакі пра гэта здарэнне адсутнічаюць ва ўнутраных дакументах і базах БЧ, хаця яно выклікала значныя затрымкі ў руху пасажырскіх і грузавых цягнікоў на ўчастку Менск — Ворша.
Фота мае ілюстрацыйны характар.