Дзяржаўная інфармацыйная агенцыя БелТА паведаміла цікавы крадзёж у суседнім Шклоўскім раёне. У прынцыпе, тое, што на сельскагаспадарчых прадпрыемствах крадуць - не навінка і не дзіва. Бываюць і дастаткова арыгінальныя выпадкі, напрыклад, калі чалавек скраў прычэп з мехдвара. Але ў дадзеным выпадку цікавыя дзве абставіны здарэння.
Па-першае, аб'ём крадзенага. Па матэр'ялах мясцовай пракуратуры, галоўны аграном неназванага прадпрыемства скраў за адну ходку ажно 15 тонаў угнаёння суперфасфата. Краў салідна - не насіў на плячах, а загадаў свайму падначаленаму вывезці казённае дабро на казённым жа транспарце. За што змог зарабіць 24.000 рублёў ад мясцовага фермера, якому і прадаў дабро.
Па-другое, цікава куды ж можна было падзець гэтыя грошы ды яшчэ і так хутка. Калі агранома затрымалі, аказалася, што грошы ён ужо паспеў патраціць. Праўда, усё адно давялося вяртаць і на дадзены момант падазраваны кампенсаваў палову сумы.
Пракуратура перадала справу ў суд, а да суда мужчына будзе знаходзіцца пад арыштам.