Для нашага горада знакамітая Бітва стала, напэўна, самай значнай падзеяй за ўсю гісторыю. Аніводная іншая падзея так не праславіла наш горад як перамога войскаў Вялікага княства. І ў гэтым годзе шмат хто ў свеце даведаўся пра існаванне Оршы дзякуючы міжнароднаму святкаванню юбілею Бітвы. Святочныя мерапрыемствы сёння праходзяць у розных краінах, перш за ўсё, гэта краіны якія маюць непасрэднае дачыненне да ўдзелу ў Бітве - Польша, Літва, Украіна. Але святкаванні адбудуцца не толькі ў нашых суседзяў з якімі калісці мы жылі ў адной дзяржаве, пройдуць яны і ў больш далёкіх краінах - Чэхіі, ЗША ды іншых. У нашай краіне святкаванні больш сціплыя і ладзяцца выключна грамадскімі арганізацыямі. Тым не меньш у шмат якіх гарадах Беларусі сёння таксама ўзгадаюць Аршанскую перамогу. У прыватнасці, святкаванне з начным пікніком адбудзецца ў Гомелі, У Гродна ў галоўным касцёле горада пройдзе святочны канцэрт. Найбольш мерапрыемстваў пройдзе ў сталіцы. Сёння тут пройдуць прэзентацыі настольнай гульні 1514 і кнігі "Сцягі Оршы". Першы занятак новых курсаў "Мова нанова" таксама будзе прысвечаны нашай перамозе. Адбудзецца і два канцэрты. адзін пройдзе ў фарным касцёле Мінска, другі ў клубе "Графіці", дзе Алег Хаменка прэзентуе сваю адмысловую праграму створаную да 500-годзя Бітвы пад Оршай.
Віншуем усіх аршанцаў з вялікім святам!!!