Спорцікі — новы від моладзевых бандаў. Яны працуюць на наркамафію і фізічна караюць правініўшыхся дробных наркакур’ераў. Нажаль, з тых выпадкаў калі спорцікаў затрымлівалі і гэта станавілася агульнавядома, больш за палову гэта былі ўраджэнцы Аршаншчыны. На гэты раз гаворка ідзе не пра аршанцаў, але як мінімум адзін удзельнік раскрытай банды быў з суседняга Шклоўскага раёна.
Затрыманаму жыхару Шклоўскага раёна ўсяго 16 гадоў, ягоны падзельнік 19-гадовы магілеўчанін. Па заданні сваіх ананімных кіраўнікоў, яны павінны былі «пакараць» двух маладых бабруйчанінаў — 25 і 18 гадоў. Адзін з іх прысабечыў партыю наркотыкаў не разлічыўшыся з пастаўшчыкамі. Куратары сказалі бабруйчанам, што іх чакае новая закладка ў нейкай вёсцы пад Шкловам і яны выехалі. Але ў вёсцы іх чакалі названыя спорцікі. Хаця ўся кампанія — і пацярпелыя і нападнікі — былі затрыманыя, бабруйчане паспелі адгрэбсці па мардасах, а спорцікі паспелі экзекуцыю засняць на відэа для справаздачы перад кіраўніцтвам.