Як заўважылі карыстальнікі сеціва, прапаганда на дзяржаўным ТБ у два разы завысіла заробкі на аршанскім «Лягмашы». Асвятляючы візіт Аляксандра Лукашэнкі на аршанскі завод «Легмаш», з экрану заявілі, што работнікі прадпрыемства зарабляюць 2500-2800 рублёў у месяц.
Аднак на сайце самога аршанскага прадпрыемства лічбы выглядаюць зусім інакш. Са 122 вакансій 106 (87% ад усёй колькасці) — з прапанаваным заробкам да 1400 рублёў. Гэта значыць, значна ніжэй, чым у названай на тэлебачанні статыстыцы.
Нават самыя высокааплатныя прапановы для інжынераў не дацягваюць да агучаных па тэлевізары — усяго 1650-1700 рублёў.