Пазняк і Караткевіч былі добра знаёмыя, настолькі добра, што Пазняк меў доступ да сям'і пісьменніка і цёпла ўзгадвае маці Уладзіміра Сямёнавіча. 24 ліпеня ў Варшаве ўпершыню прайшло мерапрыемства да гадавіны смерці Вялікага Аршанца. Менавіта на гэтым мерапрыемстве Пазняк і выступіў з уласнымі ўспамінамі. А варшаўскі беларускі інстытут публічнай гісторыі апублікаваў відэа з выступам Пазняка на сваім канале.
Што ж важнага распавёў Пазняк. Ён узгадаў сумесныя з Караткевічам экспедыцыі па краіне і спробы захаваць каштоўныя помнікі археалогіі, якія разбуралі камуністы. Важна, што Пазняк узгадаў і слабасці Караткевіча пра якія многія ведаюць, але ж звычайна маўчаць. У тым ліку і праблемы неадназначнага характару пісьменніка пра які ўвогуле няма аніякіх успамінаў. Караткевіч і Пазняк не пасварыліся, але ж у пэўны час перасталі камунікаваць. Прычынай разыходжання стала сітуацыя з яшчэ адным нашым земляком - талачынскім мастаком Лявонам Баразной. Гісторыя яшчэ раз падкрэслівае складанасць характару Уладзіміра Сямёнавіча.
І напрыканцы свайго выступу Пазняк выказаў сваю версію смерці Караткевіча, якая не надта карэлюецца з агульнапрынятай версіяй.