Пакуль гаспадыні не было дома некалькі дзён, у яе жытло залез невядомы мужчына. Ці быў ягонай мэтай крадзёж, засталося невядомым: мужчына памёр у чужой хаце.
Адчыненыя дзверы на веранду заўважыў сусед. Ен вырашыў зазірнуць у госці, падумаўшы, што гаспадыня вярнулася. Але на падлозе ўбачыў незнаёмага чалавека, прычым нежывога.
На ягоны выклік у складзе следча-аператыўнай групы на месца здарэння прыехалі прадстаўнікі міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Прыкмет гвалтоўнай смерці яны не знайшлі, як і звестак пра асобу памерлага – пры сабе ў яго не было ніякіх дакументаў.
Эксперт-крыміналіст зняў у невядомага адбіткі пальцаў і далоняў. Супрацоўнікі камітэта судовых экспертыз устанавілі супадзенне з 60-гадовым жыхаром Магілёва.
Прычыну смерці мужчыны па выніках даследаванняў павінна назваць судова-медыцынская экспертыза. Аршанскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта праводзіцца праверка па гэтым інцыдэнце, паведамляе ведамасны сайт sudexpert.gov.by.