Як вы маглі заўважыць, апошнія некалькі дзён мы публікавалі фотаздымкі зробленыя нямецкімі жаўнерамі ў Оршы пад час акупацыі нашага горада ў час Другой сусветнай вайны. Гэта важная гістарычная крыніца - у жыхароў СССР было значна менш фотаапаратаў і таму выгляду нашага горада зафіксаваны на плёнцы мы маем не шмат. Затое немцы змаглі нарабіць не мала фотаздымкаў.
Шукаючы новыя архіўныя фотазыдмкі, мы выпадкова натрапілі на нямецкага мастака Вернэра Дэца, які таксама быў у Оршы пад час акупацыі. Аказваецца, цыкл карцінаў, якія ён зрабіў у нашым горадзе ды іншых гарадах СССР, ён змог перадаць родзічам і такім чынам захаваць яе. Канешне, гэта не дакументальная крыінца: акварэльныя карціны ці графіка не перадае дэталяў будынкаў, што найбольш нас цікавіць. Але перадае суб'ектыўнае ўражанне немца, які патрапіў у нашым рэгіён і спрабуе перадаць сваё бачанне горада ў час вайны.
Калі ж разглядаць яго карціны як гістарычную крыніцу, то важныя подпісы, якія зрабіў мастак пад карцінамі. Мы распачынаем серыю публікацыяў аршанскіх карцінаў Вэрнэра Дэца. Нам складана дакладна сказаць, ці былі вядомыя гэтыя карціны аршанскім краязнаўцам. Магчыма, што цыкл гэтых публікацыяў стане адкрыццём мясцовага значэння.
А сёння публікуем карціну Вэрнэра Дэца, якая падпісаная: даследванне галавы дзяўчыны з Оршы, Беларусь. Карціна напісаная каляровым алоўкам у 1941 годзе.