Вакол Воршы і Аршаншчыны працягвае курсаваць стэрэатып пра тое, што наш рэгіён напоўнены крыміналам. Людзі, якія ніколі не былі ў нашым горадзе, парою расказваюць, што ў Воршы, у адрозненне ад іншых рэгіёнаў краіны, небясьпечна нават прайсці па вуліцы — абрабуюць.
Безумоўна, у Воршы часамі здараюцца такія выпадкі. Аднак, як мы ўпэўніліся ў папярэднім артыкуле, на фоне ўсёй краіны Аршаншчына зусім не сярод лідэраў па злачыннасці.
Нярэдка кажуць, што статыстыка — упартая рэч. Да яе і звернемся. А паказнікі, прыведзеныя дзяржаўным статыстычным агенцтвам Белстат, яскрава дэманструюць — Ворша і раён цяпер ня лічацца асаблівай крымінальнай зонай нават на фоне Віцебскай вобласці!
Агулам прааналізаваныя ўсе 23 суб’екты Віцебскай вобласці, з іх 21 раён і 2 гарады — Віцебск і Наваполацак. З гэтых 23 пазіцыі па паказніку колькасці злачынстваў на 100 тысяч жыхароў Аршанскі раён займае… толькі 13-е месца. Ніяк не вяжацца са стэрэатыпамі!
Ці міліцыя так эфектыўна працуе, ці злачынцы знайшлі больш «хлебныя» мясціны, але стэрэатып пра крымінальнаць Воршы састарэў як веснавыя кветкі. Прычыны ў кожным разе могуць пастарацца назваць эксперты ў эканоміцы, крыміналогіі. Але ўжо на ўзроўні статыстыкі забабоны наконт Воршы разбітыя ўшчэнт.
Найбольш крымінальным раёнам з’яўляецца суседні — Дубровенскі, дзе летась учынена 1184 злачынствы на 100 тысяч чалавек. На другой пазіцыі Віцебскі — 1 087, замыкае тройку Верхнядзвінскі — 1032. У Аршанскім жа «толькі» 774 злачынствы на 100 тысяч насельніцтва.