На гэтае пытанне адказаў аўтар кнігі «На „Старт“ і ў „Тэмпе“» Арцём Сізінцаў, якога цытуе тэлеграм-канал «Радыё Аршыца»:
«Яўных сьведчаньняў пра тое, што клясык беларускай літаратуры быў заўзятарам, мне бачыць не даводзілася. Хаця хата пісьменьніка, якая стаіць на вуліцы ягонага імя, а тады Касманаўтаў, месьціцца ў некалькіх мэтрах ад стадыёну. Ці сымпатызаваў Караткевіч ножнаму шпурляку — пытаньне. Як і тое, ці цікавіўся ён выступленьнямі „Старту“. Але лёс у кожным выпадку выводзіць на пэўныя шляхі.
За „Старт“ гуляў сваяк Караткевіча, муж пляменьніцы пісьменьніка Раісы Юры Барабаш. Ён прыехаў у Воршу з Адэсы, пазнаёміўся са сваячкай пісьменьніка і застаўся ў нас. Атлетам ён быў неблагім і яго запрасілі ў мясцовую каманду. Легендай „Старту“ Юрыя Барабаша не назавеш, але свой сьлед у гісторыі галоўнай дружыны Воршы ён пакінуў.
На адным са здымкаў, узятых зь беларускай прэсы, Юры Барабаш у апошнія гады жыцьця. Разам зь ім — кот, які на такой вуліцы ды ў такой хаце ня можа ня быць чароўным. А іншы здымак зроблены мной у час наведваньня хаты Караткевіча. Няма сумневаў, што менавіта спадар Юры пакінуў на люстэрку налепкі пра першынство сьвету 1990 году ў Італіі.
Такім чынам, у кнізе „На „Старт“ і ў „Тэмпе““ ёсьць ускосная сувязь з мастацкай літаратурай. Дарэчы, не адзіная».
Працягваецца кампанія папярэдняга заказу кнігі пра гісторыю футболу на Аршаншчыне.