Кампанія збору подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты ідзе незвычайным чынам. І гэта лагічна - ніхто з кандыдатаў не збіраецца ісці супраць ўлады. То бок, ёсць Лукашэнка як кандыдат і некалькі "спойлераў", якія кепска робяць выгляд канкурэнцыі. Для бачнасці ўлады арганізавалі ў горадзе некалькі пікетаў, аднак як бы сайт выканкаму і "Аршанская газета" ні падбіралі ракурсы для фота, усё адно паказаць масавасць каля гэтых пікетаў паказаць не атрымліваецца. Тым больш такую масавасць, якая была ў 2020 годзе, калі людзі выстройваліся ў чэргі, каб падпісацца за апазіцыйных кандыдатаў.
Затое сёння ўлады абвесцілі, што за Лукашэнку сабралі ўжо каля 700 тысяч подпісаў - у 7 разоў больш чым патрэбна. Калі браць гэтую лічбу, то як жа сабраныя подпісы? З розных рэгіёнаў паведамляецца пра ціск на выбарцаў. Не абыходзіцца без яго і ў нашым рэгіёне.
У прыватнасці, супрацоўнікам аршанскай медыцыны загадалі паставіць подпіс за Лукашэнку, а калі не, то "будуць буйныя непрыемнасці". Больш за тое, ім не проста трэба паставіць подпіс, але і самім паклапаціцца пра гэта. Сябры ініцыятыўнай групы не пойдуць да медыкаў, яны самі абавязаны прыехаць у кіроўны офіс - побач са станцыяй пералівання крыві - і там паставіць свой подпіс у падтрымку Лукашэнкі.