Плэнр праводзіўся ў Міёрскім раёне на беразе возера Абстэрна ў практычна закінутай вёсцы Мурашкі. Агулам у плэнэры ўдзельнічала шэсць мастакоў з якіх двое былі з нашага гораду - Алесь Кажэмяка і Яўген Анішчанка. Такая ўвага да аршанскіх творцаў, магчыма, звязана з тым што ініцыятар плэнэру, прадпрымальнік які актыўна ўкладае сродкі ў развіццё турызму на Міёршчыне сам выхадзец з Аршаншчыны, хаця жыве і вядзе асноўны бізнэс на Міншчыне.
Арганізатарамі ж выступіла мастацкая суполка "Пагоня" Саюзу беларускіх мастакоў, фінансавае забеспячэнне - пражыванне, харчаванне і культурніцкія мерапрыемствы ўзяў на сябе спонсар. Мясцовыя краязнаўцы таксама не давалі мастакам сумаваць і арганізоўвалі для іх экскурсіі як па Міёршчыне, так і па суседняй Браслаўшчыне.
Плэнэр прайшоў з 17 па 28 верасня з мэтай папулярызацыі Міёршчыны як турыстычнага рэгіёну. У наступным годзе плэнэр можа паўтарыцца пад патранажам мясцовага ксяндза.