Выдавец гістарычнай літаратуры Андрэй Янушкевіч прыехаў у Оршу адмыслова каб прэзентаваць першую кнігу свайго выдавецтва - пераклад на беларускую мову польскага аўтара Пятра Дружджа "Бітва пад Оршай 1514 года". Але маючы магчымасць, Андрэй прывёз у наш горад і дзесятак польскіх часопісаў "Mówią wieki", спецвыпуска на беларускай мове нумара прысвечанага Бітве пад Оршай.
Часопіс вельмі багата ілюстраваны і выдадзены на якаснай паперы. Як адзначыў Янушкевіч, на дзіва, гэта першы часопіс на беларускай мове выдадзены ў "глянцавым фармаце". І шкада, што першы часопіс для беларусаў выдалі палякі, а не самі беларусы. На прыканцы сустрэчы асобнікі часопіса былі разыграныя ў віктарыне, пытанні якой былі прысвечаны падзеям 1514 года.
Увогуле ў гэтым годзе ў Беларусі выдадзена тры кнігі прысвечаныя славутай перамозе - "Орша. 8 сентября 1514 года" Анатоля Тараса, "Бітва пад Оршай 1514 года" Пятра Дружджа і "Сцягі Оршы" Анатоля Грыцкевіча. Дзве з іх ужо былі прэзентаваныя ў нашым горадзе, але набыць усе гэтыя кнігі можна, перш за ўсё, ў Мінску. Прапануем некалькі відэа з прэзентацыі.
На відэа: Андрэй Янушкевіч пра кнігі выдадзеныя ў Беларусі пра Бітву пад Оршай.
На відэа: Андрэй Янушкевіч пра тое як краіны перацягваюць коўдру на сябе па пытанні Бітвы.