У мінулым годзе мы дасягалі добрых і сярэдніх вынікаў, цярпелі няўдачы. Адным словам, усё як заўсёды. І гэта зусім не значыць, што нашы пажаданні, выказаныя ў снежні, ці нават раней летась, не здзейсніліся. Трэба ведаць адно: у гэтым жыцці мала што даецца лёгка. Для нашых задач трэба ставіць меншыя, паступовыя задачы, а далей дасягаць іх. І спадзявацца, што нам будзе спадарожнічаць яшчэ і ўдача.
Верым, што ў 2024 годзе нашы чытачы былі плённымі, паспяховымі і зычлівымі да іншых. Паводзьце сябе добра і налета, ужо ў новым, 2025 годзе.
Для рэдакцыі Orsha.eu год не мог быць лёгкім — працяг рэпрэсій у Беларусі, фактычная забарона любога незалежнага слова і думкі на радзіме, а таксама крымінальны перасьлед там змушаюць рэдакцыю працаваць з-за мяжы. Але мы нават у такім фармаце здатныя паказваць вынік і пісаць насычана, шмат і не заўсёды мінорна пра родную Аршаншчыну. Калі раней заходніх журналістаў ставілі нам у прыклад у плане прафесіяналізму, стандартаў, місіі і ўсяго іншага, дык цяпер якраз мы, журналісты некалі малога рэгіянальнага сайту, можам выкладаць журналісцкія падыходы іншым. Наша праца цяжкая штодзённа, але яна ж штодзённа знаходзіць водгук у аршанцаў, многія з нашых навінаў трапляюць да адрасатаў і паказваюць важнасць Orsha.eu для чытачоў і гледачоў.
Дзякуй за падтрымку, дзякуй за падабайкі і каментары, шаноўныя чытачы! Мы любім сваю аўдыторыю, мы шукаем новых чытачоў і спрабуем як мага актуальней і ямчэй пісаць для вас.
Сонца ўзыдзе над нашым краем, мы зробім краіну, у якой чалавек зможа на вольным паветры сказаць сваё слова і не баяцца. Чытайце Orsha.eu, глядзіце наш ютуб-канал, падпісвайцеся, калі бяспечна, на нашы сацыяльныя сеткі, а наша рэдакцыя далей будзе здабываць інфармацыю і апісваць падзеі Аршаншчыны і сумежных рэгіёнаў.
Будзьце шчырымі, выхоўвайце ў сабе любоў да бліжняга, кожны дзень рабіце нешта карыснае для сябе ды іншых, і тады наша планета стане лепей! Слава Воршы! Жыве Беларусь! Жыве з Богам!