Незвычайныя вакансіі абвешчаны на інтэрнэт-сайце аўтапарка №3. На прадпрыемстве відавочны дэфіцыт кадраў. Бо кіроўцаў аўтобусаў, а таксама самазвалаў тут гатовыя наняць нават «на падпрацоўку ў перыяд адпачынку», а таксама «у выходныя дні».
Ахвотным працаўладкавацца на поўную стаўку на прадпрыемстве абяцаюць «пад'ёмныя», але – пры «пэўных акалічнасцях». Памер патэнцыйнай выплаты – 30 базавых велічынь (1 260 рублёў).
Абяцаны заробак для кіроўцы аўтобуса – ад 2 000 рублёў, для кіроўцы самазвала – ад 1 500 рублёў. І гэта самыя высокія заробкі для адмыслоўцаў у аўтапарку №3. Кандуктару грамадскага транспарта абяцаюць зарплату ад 1 200 рублёў, слесару-рамонтніку – ад 900, інжынеру па аглядзе транспартных сродкаў – ад 800 рублёў. Самы нізкі заробак прадугледжаны для дворніка – ад 650 рублёў.
Аршанцы часта скардзяцца на затрымкі руху грамадскага транспарта, а часам аўтобусы па раскладзе проста не прыходзяць. І тут справа не толькі ў недахопе кіроўцаў, але і ў адсутнасці саміх транспартных сродкаў у спраўным стане.