4 лютага жанчыну будуць судзіць паводле ч.2 арт. 430 (атрыманне хабару). Прозвішча і імя падсуднай цалкам супадаюць з асабістымі дадзенымі галоўнай бухгалтаркі ААТ «Дубровенскі льнозавод». У 2023 годзе яе ўганаравалі тытулам «Жанчына года Дубровеншчыны» у намінацыі «Жанчына ў сістэме прамысловага комплекса і будаўніцтва».
Таццяна Парфененка неаднаразова была гераіняй артыкулаў у раённай газеце «Дняпроўская праўда», у якіх расказвала пра поспехі прадпрыемства, у бухгалтэрыі якога адпрацавала амаль 18 гадоў. Праўда, з 2024 года імя бухгалтаркі ў «раёнцы» больш не фігуруе. Верагдна, у сувязі з тым, што супраць яе распачалі крымінальнае следства.
Як мы паведамлялі раней, у верасні 2024 года Дубровенскім ільнозаводам зацікавіўся Следчы камітэт. Была ўзбуджаная крымінальная справа ў сувязі з карупцыйнымі схемамі ў галіне будаўніцтва. У бухгалтэрыі прадпрыемства прайшлі ператрусы, падчас якіх былі канфіскаваныя фінансавыя дакументы.