Махляр, назваўшыся супрацоўнікам Дэпартамента фінансавых расследаванняў, патэлефанаваў пажылой жанчыне і заявіў, што з яе банкаўскага «фінансуецца СВО». Ён прыгразіў пенсіянерцы, што цяпер у яе правядуць ператрус і адкрыюць справу па крымінальным артыкуле за падтрымку Узброеных Сіл Украіны.
Калі разгубленая жанчына пачала тлумачыць, што ні пра што такое нават не чула, «супрацоўнік дэпертамента» прапанаваў ёй «выйсце». Зламыснік параіў бабулі «задэклараваць» усе наяўныя грошы, а менавіта – пакласці іх на рахунак і паведаміць яму банкаўскія дадзеныя. У выніку ў хуткім часе з рахунка жанчыны зніклі 200 тысяч рублёў.
Вырашыўшы, што знайшлі лёгкую здабычу, ашуканцы вырашылі «раскручваць» пенсіянерку далей. Яны зноў сталі ёй тэлефанаваць і цікавіцца, ці ўсё свае зберажэнні яна паклала ў банк. Прычым настойліва раілі адкрыць яшчэ адзін рахунак, пакласці на яго ўсё да капейкі і зноў паведаміць ім дадзеныя. Гэтым разам пажылую жанчыну выратавала пільная супрацоўніца банка: яна западозрыла, што наведніца дзейнічае паводле чужых указанняў, і параіла звярнуцца ў праваахоўныя органы.
Падчас гутаркі са следчым аршанка сказала, што чула пра такі від падману, але махляр размаўляў з ёй настолькі пераканаўча, што яна і напраўду спалохалася. Бо грошай ва Украіну яна не перасылала, але вырашыла, што хтосьці мог рабіць гэта ад ейнага імя.
Аршанскім міжраённым аддзелам СК распачатая крымінальная справа паводле ч. 4 арт. 212 КК (крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі кампутарнай інфармацыі, у асабліва буйным памеры). Пакуль вінаватых не знайшлі.