Да Дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, прадпрыемства выпусціла лімітаваную калекцыю гадзіннікаў, якая так і называецца — «Мова-2025». Першы гадзіннік у гэтай серыі прысвечаны памяці Уладзіміра Караткевіча — ураджэнца Оршы і вядомага беларускага пісьменніка.
«Гадзіннік адлюстроўвае самога пісьменніка. У кожным элеменце характар гэтага выбітнага чалавека. Нержавеючая сталь, як постаць, залатое матавае пакрыццё, сапфіравае шкло і механізм — „Луч-2209“, як удумлівы погляд, што ведае значна больш, чым астатнія», — так апісваюць новы гадзіннік стваральнікі.
Ён выкананы ў класічным стылі мужчынскага гадзінніка са скураным раменчыкам, але вытворцы пэўныя, што такі гадзіннік можа пасаваць і жанчынам.
На цыферблаце размешчаны словы Уладзіміра Караткевіча: «Мова, прыгожае пісьменства, паэзія, музыка — сродак сувязі між думамі людзей, вышэйшы сродак».
Гадзіннікі з лімітаванай калекцыі (усяго 95 штук) ужо паступілі ў продаж. Іх можна набыць у фірмовых крамах прадпрыемства або праз яго афіцыйны сайт. Кошт аксесуара — 1495 рублёў.