Суд Лёзненскага раёна прызнаў старшыню прафсаюзнай арганізацыі вінаватым у завалоданні маёмасцю, здзейсненым з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў. На падставе ч.1 арт. 210 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь вінаватага асудзілі да пазбаўлення волі на паўтара гады ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам у адзін год, а таксама пакаралі штрафам у памеры 100 базавых велічынь (4200 рублёў) і на два гады пазбавілі права займаць пасады, звязаныя з выкананнем адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў.
Пакаранне не надта суровае з улікам таго, што асуджаны выкарыстоўваў на ўласныя патрэбы чужыя грошы. А пачалася гэтая гісторыя ў траўні 2021 года, калі ў адной з установаў раёна абралі новага кіраўніка прафсаюзнай арганізацыі. Праз пару гадоў, асвоіўшыся на пасадзе, старшыня “пярвічкі” вырашыў, што прафсаюзная каса - патэнцыйная крыніца грашовых сродкаў для забаваў у онлайн-казіно.
На працягу 2023 года ён зняў на свае ўласныя патрэбы каля 4 тысяч рублёў з банкаўскага рахунка прафкама. Дзеля перыядычных прысваенняў грашовых сродкаў ён выкарыстоўваў ключ электроннага лічбавага подпісу, аформленага на казначэя прафсаюзнай арганізацыі.
Суд вырашыў, што добраахвотная кампенсацыя скрадзеных грошай і наяўнасць малалетняга дзіцяці з’яўляюцца акалічнасцямі, якія дазваляюць не караць прафсаюзнага лідара рэальным пазбаўленнем волі.